Перайсці да зместу

Пакроўская царква (Астражанка)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Праваслаўны храм
Свята-Пакроўская царква
51°59′29″ пн. ш. 28°33′19″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Астражанка
Канфесія Беларуская праваслаўная царква
Епархія Тураўская
Першае згадванне 1609
Дата скасавання 1943
Стан знішчана
Map

Свята-Пакроўская царква — былая царква ў Астражанцы Гомельскай вобласці. У 1943 падчас вайны была спалена разам з вёскай. Царква не адноўлена.

Першае згадванне аб царкве адносіцца да 1609. У 1687 прыход быў надзеляны зямлёй. У 1779 годзе (іншых звестках у 1759) на месцы старой царквы на сродкі прыхаджан пабудавалі новую, якая была асвечана біскупам мінскім і тураўскім Гедэонам Гарбацкім. Царква была грэка-каталіцкай. Прыход складаўся з вёсак Асавец (12 двароў), Астражанка (30 двароў), Замошша (16 двароў), Манчыцы (8 двароў), Рудня Скалодзінская (1 двор), Рудня Убарцкая (8 двароў) і адносіўся да Тураўскай дыяцэзіі. У 1795 царква стала праваслаўнай.

У 1803 годзе царква мела форму падоўжанага крыжа з адным купалам. У 1804 годзе ў прыходзе налічвалася 77 двароў і 690 душ насельніцтва. У 1824 і 1842 годзе царква рамантавалася.

У 1839 прыхаджане пабудавалі новую званіцу, а таксама зрабілі новы іканастас, які замянілі ў 1856. Царкоўнай зямлі мелася 28 дзесяцін.

Паводле «Апісання цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі» 1879 года Свята-Пакроўская царква мела форму падоўжанага крыжа, не абагравалася. Меўся адзін купал. Сцены і столь пабеленыя. Іканастас складаўся з 16 абразоў старога пісьма на халсце. Метрычныя кнігі захоўваліся з 1830 года. У званіцы знаходзілася пяць званоў вагой каля 32 кг (адзін), 16 кг (два), 8 кг (адзін) і 5 кг (адзін). У царкве меліся рэчы, падараваныя самой імператрыцай.

У 1887 былі пабудаваны новая царква і званіца.

У 1943 падчас вайны была спалена разам з усёй вёскай.

Зноскі

  • Кніга памяць «Лельчыцкі раён» — с. 564—565